Штомесяц Жорык і Тата, бабруйскі дуэт клоунаў «Крэм-Бруле»выпраўляюцца ў пасёлак Бараўляны пад Менскам, каб падарыць маленькім пацыентам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ўсмешкі і радасць.

«Мы ездзім за свае сродкі, гэта суцэльная дабрачыннасць»

Выступ сямейнага дуэту клоунаў — частка акцыі «Шчаслівы дзень», якую кожны месяц ладзяць валанцёры дабрачыннага «Клубу-5000» (http://club5000.by/). Жорык і Тата (а па-за сцэнай Юрый і Таццяна Светлаковы) не вагаючыся пагадзіліся, калі напрыканцы мінулага году атрымалі прапанову ад «Клубу» паўдзельнічаць у акцыі.

«Мы ездзім за свае сродкі, гэта суцэльная дабрачыннасць. Але для нас даражэй за ўсё тыя ўсмешкі на тварах дзяцей, што мы бачым падчас нашых выступаў», — кажа Юрый.

У чэрвені «Шчаслівы дзень» прымяркавалі да Сусветнага дня абароны дзяцей. Разам з бабруйскімі клоунамі ў дарогу выправіліся журналісты «Бабруйскага кур’еру».

З Юрыем і Таццянай мы сустрэліся на бабруйскім чыгуначным вакзале. Адмысловыя рэквізіты — старая размаляваная валіза з надпісам «Клоуны», кольцы для мыльных бурбалак, вялікая мяккая цацка — падобны да сапраўднага сабака Зефір, ды шчырыя ўсмешкі адразу вылучаюць гэтую сямейную пару з натоўпу. Пытаемся — ці не цяжка вазіць з сабой столькі рэчаў? Юрый пагаджаецца, што няпроста, і што ўласны транспарт вельмі б прыдаўся, але гэта каштуе. На шчасце, знаходзяцц людзі, што дапамагаюць. Вось і цяпер, закінуўшы валізкі на плечы, Юрый і Таццяна ідуць да машыны сяброў, што прапанавалі падвезці да Менску.

А ў Менску сустракае Яўген — валанцёр «Клуба-5000», які падчас прадстаўлення пераапранецца ў вялізнага каляровага зайца. Яўген давозіць нас да анкалагічнага цэнтру ў Бараўлянах.

«Не кожны можа быць клоунам, гэта павінна ісці знутры»

«Кожны раз як рыхтуешся — хоць соты раз, перад выступам, гэта хвалююча, як быццам упершыню. Клоун — гэта лад жыцця, гэта павінна быць унутры. Я лічу, што не кожны можа быць клоунам. Хоць многія настаўнікі клаунады кажуць, што клоун жыве ў кожным», — наносячы грым, Юрый дзеліцца з намі сваімі думкамі і распавядае, як пазнаёміўся з Татай.

«Я сустрэў гэтую прыгожую брунэтку ў евангельскай царкве, якую наведваў, і не здолеў прайсці міма — адразу закахаўся. Бог ведаў, што рабіў, таму што, бачыце, сёння мы разам працуем, разам знаходзім нешта сумеснае», — распавядае Юрый. Сужонкі — бацькі дзвюх дзяўчынак-двайнятак, якім у верасні споўніцца па тры гады. Юрый падзяліўся прафесійным сакрэтам, што свае фокусы і жарты яны з Таццянай спачатку правяраюць на дачурках, і толькі калі ім спадабаецца, выходзяць з імі на сцэну.

Паводле адукацыі Юрый — газаэлектрасваршчык, Таццяна — педагог. 19 год яна прапрацавала ў Гімназіі № 3 настаўніцай малодшых класаў, хоць некалі хацела паступіць менавіта ў цыркавое вучылішча. «Мне заўсёды хацелася здзіўляць сваіх сяброў, я для іх і дні народзін, і вяселлі праводзіла. А сябры па інстытуту казалі адкрыта, што я не туды пайшла, што мне на сцэну трэба. Вось, урэшце вывеў лёс», — смяецца Таццяна.

Акрамя сцэны, дзяўчыну вабіла неба. У юнацтве доўгі час ейным захапленнем быў планерызм ды скачкі з парашутам.

«У гэтых хворых целах жыве здаровая душа, якая патрабуе радасці»

Нарэшце, прыгатаванні скончаныя, грым нанесены, і перад намі — Жорык з чырвоным носам і Тата з валасамі колера вясёлкі. У залю за ручку з мамамі заходзяць першыя маленькія гледачы. Дзякуючы Жорыку і Таце, пануе вельмі цёплая і вясёлая атмасфера, дзеці і іх бацькі ўсміхаюцца і радуюцца. І толькі марлевыя павязкі ў дзетак ды перасоўныя кропельніцы паміж радамі гледачоў не даюць забыць, што мы ў шпіталі.

«Гэта балюча — бачыць гэтых дзяцей. І напачатку было вельмі цяжка, — распавядае Юрый, узгадваючы першы канцэрт у анкалагічным цэнтры. — Калі мы ўпершыню зазірнулі ў вочы гэтым дзецям, было вельмі балюча, бо мы самі — бацькі. Але перамагаеш сябе, бо разумееш, што ў гэтых хворых целах жыве душа, здаровы дух, які патрабуе эмацыянальнага аздараўлення, падтрымкі, радасці, смеху. Не трэба распускаць тут соплі, трэба быць тым, хто ты ёсць, і рабіць, што можаш».

Фокусы, жарты, жывыя вялікія лялькі, мыльныя бурбалкі — на гадзіну дзеці і іх бацькі пераносяцца са шпітальных сценаў у свет сапраўднага бесклапотнага дзяцінства.

«Пасля канцэртаў мая дачка ўсміхаецца»

Пасля канцэрту Юрый і Таццяна разам з валанцёрамі «Клубу-5000» ідуць у палаты, да тых, хто не змог прыйсці ў актавую залю на канцэрт, і раздаюць падарункі, набытыя на грошы, сабраныя «Клубам-5000».

«Я вельмі рада, што яны да нас прыязджаюць. Мая дачка, стомленая ад хіміятэрапіі, ад бясконцых уколаў і кропельніц, заўсёды ў дрэнным настроі. А пасля гэтых канцэртаў яна выходзіць поўная энэргіі, усміхаецца», — кажа Юля, маці трохгадовай Альдыяны.

«Ва ўсім свеце ёсць смехатэрапія, клоунатэрапія, і навукоўцамі ўжо даведзена, што ў тых шпіталях, дзе працуюць клоуны, хворыя хутчэй папраўляюцца, паляпшаюцца аналізы. Таму, усміхайцеся!» — заўважае Юрый, і дадае, што для яго «Шчаслівыя дні» ў анкалагічным цэнтры сталі сапраўдным пакліканнем: «Не варта жыццё траціць толькі на сябе, бо яно занадта кароткае».

Смехатэрапія падвышае імунітэт

Пра пазітыўны ўплыў «Шчаслівых дзён» на дзяцей кажа актывістка «Клубу-5000»Ціна Цяўлоўская:
«Клоунатэрапія — гэта вельмі важна, бо нават самыя дарагія лекі не заўсёды дапамагаюць, і вось такая маральная, эмацыянальная падтрымка часам становіцца проста ўратаваннем. Таму мы вельмі ўдзячныя Юрыю і Таццяне за тое, што яны прыязджаюць з такімі цікавымі праграмамі».

Карысць смехатэрапіі пацвярджае і псіхолаг-кансультант Наталля Станкевіч:

«Гэта дае магчымасць дзеткам адцягнуць увагу ад іх становішча, дае пазітыўныя эмоцыі, якія, у сваю чаргу, могуць станоўча паўплываць на іх фізічны стан, нават падвысіць імунітэт».

Наталля падкрэслівае, што ў Еўропе клоўны ў шпіталях і хоспісах — звычайная справа. У Беларусі гэтым займаюцца валанцёры і дабрачынныя арганізацыі. А ў Гомлі, у школе «Funnynose» нават можна прайсці навучанне і атрымаць адмысловы сертыфікат шпітальнага клоуна.

Кожны можа дапамагчы
Асноўны арганізатар «Шчаслівых дзён» для хворых дзетак — дабрачынны«Клуб-5000» існуе з 2009 года. Заснавала яго маладая дзяўчына Таццяна Немчынава. Назву клубу яна дала зыходзячы з таго, што 5000 рублёў дзецям у патрэбе можа ахвяраваць кожны беларус, і гэта нічога не будзе каштаваць. А некаму так атрымаецца сабраць суму на неабходны лек. «Клуб-5000» — гэта супольнасць валанцёраў, якіх цяпер ужо, як распавяла Ціна Цяўлоўская, каля 5 тысячаў. Далучыцца да клуба можа кожны, хто чуе ў сабе жаданне і магчымасць дапамагчы дзецям у бядзе, і іх бацькам. Дапамагчы можна як грашыма (http://club5000.by/contacts), так і валанцёрскім удзелам у працы «Клуба-5000».

А Юрый і Таццяна вярталіся ў Бабруйск стомленыя, але радасныя. У цягніку Юрый адчыніў свой чамадан клоуна і паказваў пасажырам фокусы. Адкуль бярэцца энэргія? «Узгадваеш вочы дзяцей, іх усмешкі, і разумееш, што тое, што ты робіш, не дарэмна», — кажа Таццяна.

І ў ліпені Жорык і Тата зноў павязуць у Бараўляны «Шчаслівы дзень».
Марына Маўчанава

Ссылка на оригинал

Рубрики: СМИ

Оставить комментарий